Гісторыя Белдзяржстраху

Гісторыя страхавання на тэрыторыі Беларусі налічвае больш за 170 год.  У адрозненне ад страхавой справы ў еўрапейскіх краінах, дзе вядучую ролю адыгрывала марское страхаванне, найбольш злабадзённым для Расіі (і Беларусі) было страхаванне ад агню. Пажары былі сапраўдным бічом Айчыны: у лічаныя гадзіны яны спусташалі не толькі сёлы, але і буйныя гарады, асуджаючы на галечу сотні і тысячы людзей.

Жадаючы засцерагчы Расію ад іншаземных страхоўшчыкаў і палегчыць фінансавае становішча дзяржавы, урад Кацярыны II увёў дзяржаўную манаполію на страхаванне. Маніфестам ад 28 чэрвеня 1786 года забаранялася страхаваць маёмасць у замежных страхавых кампаніях. У ім зазначалася: «забараняем кожнаму ў чужыя дзяржавы, дамы або фабрыкі тутэйшыя аддаваць на страх і такім чынам вывозіць грошы на шкоду або страту дзяржаўную».

Маніфестам засноўваўся Дзяржаўны пазыковы банк, пры якім стваралася Страхавая экспедыцыя - першая страхавая арганізацыя ў Расіі, якая мела выключнае права на страхаванне ад агню.У 1827 годзе створана (Першае) Расійскае страхавое ад агню таварыства. Аднак яно не магло задаволіць «усерасійскія» патрэбы ў страхаванні. З пранікненнем у расійскую «глыбінку» Першае страхавое таварыства спазнялася.              

Гэтыя абставіны прымусілі заснаваць новае акцыянернае таварыства, прызначанае ажыццяўляць страхаванне ад агню ў 40 губернях (у тым ліку беларускіх), не ахопленых дзейнасцю Першага страхавога таварыства. У 1835 годзе створана і прыступіла да працы Другое Расійскае страхавое ад агню таварыства, якое атрымала манаполію на «агнявое» страхаванне і падатковыя льготы на 12 гадоў у 40 губернях еўрапейскай часткі імперыі.

Менавіта з дзейнасцю гэтага таварыства належыць звязваць шырокае распаўсюджанне практыкі страхавання ад агню ў гарадах Беларусі. Асабліва цяжкім для таварыства выдаўся 1848 год, калі «выгаралі» Казань, Арол і Магілёў. Страхаванне ад агню было галоўным, але не адзіным кірункам дзейнасці акцыянерных страхавых таварыстваў. У канцы XIX-пачатку XX стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі атрымліваюць распаўсюджванне іншыя галіны страхавання: страхаванне жыцця; страхаванне капіталу, даходаў і рэнтаў; страхаванне транспарту, пасажыраў і каштоўнасцей, якія перасылаюцца па пошце; страхаванне ад няшчасных выпадкаў і ўзброеных нападзенняў; страхаванне сельскагаспадарчых культур і жывёл; страхаванне «шыбаў ад разбіцця».

Пераломным момантам развіцця страхавой справы стала Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Першым мерапрыемствам Савецкага ўрада ў галіне страхавання стала нацыяналізацыя, якая ўяўлялася сродкам вырашэння ўсіх праблем: яна дазваляла, на думку бальшавікоў, адабраць у буржуазіі велізарныя сродкі і, панізіўшы страхавыя ўзносы, пашырыць сферу страхавання для яе шырокага выкарыстання ў інтарэсах працоўных. У выніку на тэрыторыі Беларусі ў 1919 годзе ўсе страхавыя аперацыі спыніліся. У час польскай акупацыі Мінска перастала існаваць апошняе ў краі таварыства ўзаемнага страхавання ад агню.

Адраджэнне страхавой справы ў Беларусі пачынаецца з павароту да новай эканамічнай палітыкі. У кастрычніку 1921 года выданы дэкрэт Саўнаркома РСФСР «Аб дзяржаўным маёмасным страхаванні», які прадпісваў арганізацыю дзяржаўнага маёмаснага страхавання прыватных гаспадарак ад стыхійных бедстваў, а таксама страхаванне транспарту.

Савецкая Беларусь ішла ў фарватэры гэтай палітыкі. 3 снежня 1921 года выдадзены дэкрэт Саўнаркома Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь «Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання», які па змесце паўтарае дэкрэт РСФСР. Арганізацыя страхавання і кіраванне ім ускладзены на Упраўленне дзяржаўным страхаваннем Беларусі ў складзе Наркамфіна Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Гэтую ўстанову прынята лічыць родапачынальніцай Белдзяржстраху — дзяржаўнай страхавой арганізацыі, з дзейнасцю якой звязана наступная гісторыя развіцця страхавой справы ў Беларусі.

Пачатак рэальнай працы  Белдзяржстраху пакладзены ўвядзеннем у ліпені 1922 года акладнога страхавання ў гарадах Мінску і Бабруйску. Пазней яно пашыраецца на іншыя гарады БССР. Абавязковаму страхаванню ад агню падлягала ўся нерухомая маёмасць прыватных гаспадарак і прадпрыемстваў. У 1923 годзе абавязковае «агнявое» страхаванне пашыраецца на сельскую мясцовасць, уводзіцца страхаванне буйной рагатай жывёлы ў гарадах, пачынаюцца аперацыі па транспартным страхаванні. Наступны, 1924 год адзначаны ўвядзеннем страхавання буйной рагатай жывёлы і пасеваў у сельскай мясцовасці, а таксама пасеваў у гарадах. Белдзяржстрах прыступіў да аперацый па страхаванні жыцця.

У канцы 20-х - пачатку 30-х у Беларусі распачатая балючая для насельніцтва калектывізацыя, з прычыны якой акладное страхаванне перабудоўваецца па класавым прынцыпе - дзяржава шчодра надзяляе льготамі калгасы і перакладвае цяжар страхавых плацяжоў на аднаасобнікаў. Страхаванне стала сродкам класавай барацьбы. У гэтых умовах ва ўсесаюзным маштабе разгарнулася кампанія па дыскрэдытацыі Дзяржстраху ў сувязі з яго «няздольнасцю» перабудаваць сваю працу ў адпаведнасці з лініяй партыі. Работнікі кампаніі абвінавачваліся ў тым, што выплачвалі кулакам страхавое пакрыццё, а таксама ў тым, што выдавалі страхавое пакрыццё калгаснікам на рукі, замест выдачы яго праўленням калгасаў. Вынікам стала ліквідацыя ў 1930-31 гадах нізавога апарата і праўлення Дзяржстраху. У гісторыі Белдзяржстраху наступіў перапынак даўжынёй у два з паловай гады.

У 1933 годзе кіраўніцтва краіны прызнала памылковасць свайго рашэння і прыняла меры па арганізацыйным аднаўленні Дзяржстраху. У 1934 г. аднавілася добраахвотнае страхаванне маёмасці калгасаў і асабістай маёмасці грамадзян. Страхаваліся пабудовы, інвентар і жывёла. У наступным годзе добраахвотнае страхаванне было пашырана на пасевы тэхнічных культур, ураджай садоў і агародаў, а таксама — на пасевы збожжавых культур у калгасах. Тады ж у загадванне Дзяржстраху вернута асабістае страхаванне, а з 1936 года — абавязковае страхаванне пасажыраў, адноўлены інстытут страхавых агентаў.

Чарговы этап развіцця страхавання ў Беларусі: перыяд арганізацыйных ломак і паспешлівых рашэнняў, фактычнага разгрому і наступнага аднаўлення страхавой справы — закончыўся з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

Пра складныя ўмовы працы ў другой палове 40-х - пачатку 50-х гадоў сведчыць сістэматычнае невыкананне планаў па зборы страхавых плацяжоў. Беларусь згубіла больш паловы нацыянальнага багацця і каля трэці насельніцтва, цалкам разбураны прамысловасць і сельская гаспадарка, вялізны ўрон нанесены жылому фонду рэспублікі. Толькі ў сярэдзіне 50-х гадоў эканамічныя паказчыкі працы Белдзяржстраху палепшыліся.

Эканамічнага піку ў сваёй дзейнасці Белдзяржстрах дасягнуў да пачатку дзевяностых гадоў: колькасць дагавораў добраахвотнага страхавання, заключаных з насельніцтвам, наблізілася да 7 мільёнаў, у сярэднім на адну сям'ю прыпадала больш за два дагаворы.

У 1988 годзе, з прыняццем закона «Аб кааперацыі», які дазваляў кааператывам ствараць свае страхавыя арганізацыі, пачыналася новая эпоха — час рэформ і глыбокіх сацыяльна-эканамічных узрушэнняў.

У розныя перыяды часу, асабліва ў перыяд эканамічнай «блытаніны» 90-х гадоў пытанне пра неабходнасць захавання адзінства Белдзяржстраху неаднаразова ўзнімалася як унутры прадпрыемства, так і ў знешнім асяроддзі. Аднак цэласнасць сістэмы ўдалося захаваць, і гэта з’явілася залогам паспяховага развіцця прадпрыемства ў яго навейшай гісторыі.